Что впечатлило островецких специалистов на международной аграрной выставке в Москве

Астравецкія аграрыі кіруюцца прынцыпам: хто нідзе не бывае, той нічога не дасягае. На працягу апошніх гадоў кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак раёна пераймаюць вопыт па многіх аграпрамысловых накірунках у расійскіх калег, а таксама наведваюць міжнародныя спецыялізаваныя выставы. Пазалетась, напрыклад, нашы землякі стажыраваліся ў вучэбна-вытворчым цэнтры па малочнай вытворчасці доследнай гаспадаркі “Краснадарскае” Кубанскага аграрнага ўніверсітэта; у мінулым годзе пабывалі на перадавых жывёлагадоўчых аб’ектах “Калужская Ніва: сервісны цэнтр “Уланава”, “Ступінская Ніва”. У студзені ў складзе беларускай дэлегацыі астраўчане наведалі буйнейшую міжнародную выставу перадавых сельгастэхнікі і тэхналогій у Маскве.
Зазначу, што не ўпершыню для айчынных аграрыяў такія цікавыя рабочыя паездкі арганізоўвае грамадскае аб’яднанне “Беларускі сялянскі савет”. Насычана і пазнавальна некалькі дзён у расійскай сталіцы правялі дырэктар КСУП “Гервяты” Ігар Жданаў, галоўны інжынер Яўген Медушэўскі і тры праўдстаўнікі РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”: загадчык рамонта-механічных майстэрань у аг. Кемелішкі Андрэй Будзько, галоўныя інжынер Ян Чубек і энергетык Юрый Дзенюш. Некаторыя ўдзельнікі паездкі падзяліліся ўражаннямі ад удзелу ў ёй і ўбачанага.
Андрэй Будзько:
– Толькі два дні прысвяцілі наведванню экспазіцый міжнароднай выставы “Агравія”, на якой прадстаўлены перадавыя тэхналогіі і распрацоўкі ў ключавых накірунках сельскай гаспадаркі. Прызнацца, гэтага часу было мала, каб ахапіць усе пляцоўкі, якія размясціліся на плошчы звыш 60 тысяч квадратных метраў.
Мяне, напрыклад, найбольш зацікавілі секцыі, дзе былі прадстаўлены сучасная энерганасычаная тэхніка і навясныя агрэгаты, асабліва – лічбавыя і аўтаматызаваныя тэхналогіі ў палявым раслінаводстве. Напрыклад, сістэма дакладнага земляробства дазваляе мінімізаваць чалавечы фактар у гэтай справе, а таксама агрэхі і памылкі пры развароце тэхнікі і іншых манёўрах.
Адзначыў для сябе, што расіяне навучыліся рабіць аналагі джон-дзіраўскіх нажоў і паставілі іх выпуск на паток. Гэта дэталь падыходзіць і да гомсельмашаўскіх кормаўборачных комплексаў.
Прагульваючыся па экспазіцыях, заўважылі з калегамі прадстаўнікоў беларускіх вытворцаў і фірм, якія прэзентавалі на выставе распрацоўкі і дасягненні ў розных накірунках жывёлагадоўчай сферы.
Акрамя гандлёва-выставачнага цэнтра “Крокус-Сіці”, у межах паездкі наведалі і адну з буйнейшых і паспяховых гаспадарак “Эканіва”. Уявіце, гэта звыш 700 тысяч гектараў ворыўных зямель, сучасныя жывёлагадоўчыя аб’екты і ўласная вытворчасць малочных прадуктаў. На комплексе, дзе дойны статак дасягае 3 тысяч галоў, нам паказалі ўвесь цыкл гадоўлі, працэс дойкі на сучаснай устаноўцы “Карусель”. Але, калі параўноўваць з нашымі рэаліямі, то, мне здаецца, на малочна-таварным комплексе “Рытань” цялятак даглядаюць лепш, чым там.
Для сябе прыкмеціў, што расійскія калегі карыстаюцца нашымі айчыннымі абсталяваннем і агрэгатамі: на комплексе заўважыў беларускі падсувацель кармоў, ёмістасці-накапляльнікі вытворчасці “Бабруйскаграпраммаш”.
…Арганізатары паездкі паклапаціліся і пра наш вольны час. Апошні раз у Белакаменнай быў 40 гадоў назад, таму падчас экскурсіі па расійскай сталіцы з новага боку адкрыў для сябе Маскву.
На Чырвонай плошчы ўсёй дэлегацыяй мы ўсклалі кветкі да манументаў Мінску гораду-герою і Брэсцкай крэпасці-герою. Да глыбіні душы ўразіў музей “1 418 крокаў да Перамогі”.
Юрый Дзенюш:
– У Маскве я пабываў упершыню, таму дзякуй усім, у тым ліку кіраўніцтву нашай гаспадаркі, хто мае дачыненне да арганізацыі паездкі.
Памерамі і маштабамі ўразіла выстава “Агравія”. Насенняводства, кармы, ветэрынарыя, тэхналогіі вытворчасці, запчасткі і расходныя матэрыялы – спектр пляцовак проста неверагодны. Найбольш звяртаў увагу на лакацыі, якія непасрэдна тычацца маёй работы, дзе былі прадстаўлены абсталяванне для асвятлення і вентыляцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, скрэперныя ўстаноўкі, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. З інжынерам таксама наведалі павільёны з сельгастэхнікай.
Нас звазілі на перадавы ў Расіі малочна-таварны комплекс, дзе сутачны надой ад каровы дасягае да 50 кілаграмаў малака. Там арганізавана свая малочная вытворчасць. Для нас зладзілі дэгустацыю ёгуртаў, сыркоў, кактэляў. Як па мне, нашы беларускія, смачнейшыя! (Усміхаецца.)
Спадабалася экскурсія па Маскве – гэта ўнікальны горад, які ўражвае не толькі памерамі і тэмпам жыцця, але і шматлікімі знакавымі месцамі і аб’ектамі. Падзівіўся на Чырвоную плошчу і адлюстраваны на многіх паштоўках храм Васіля Блажэннага, Маскву-раку, Паклонную гару.
