+375 (1591) 7 94 86

аг. Рытань вул. Першамайская, 1

 

 
Главная » Новости » 22. 01. 2026

Как в морозы работают животноводы на МТК «Подольцы»

Думаецца, многія даўно не прыгадаюць такога снежнага і марознага надвор’я, як сёлетняе. Відаць, першы месяц зімы ўсур’ёз надумаў спраўдзіць народную прымаўку «Студзень хаты студзіць і гаспадынь рана будзіць». Са снежнымі намётамі і засыпанымі дарогамі ў раёне справіліся літаральна за некалькі дзён. 

А як вызваляліся з белых халодных абдымкаў на фермах і комплексах – пра гэта, а таксама пра нюансы сёлетняй зімоўкі буйной рагатай жывёлы высвятляў карэспандэнт «раёнкі», пабываўшы на малочна-таварным комплексе «Падольцы» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».

Уцяпліцца

Хоць начальнікам МТК «Падольцы» Юлія Юковіч працуе толькі другі месяц, пра комплекс жанчына ведае без перабольшвання ад «А» да «Я». Спачатку яна адказвала за ідэнтыфікацыю жывёлы. Кемлівасць, руплівасць і спрыт спецыяліста заўважыў дырэктар Дзяніс Кірпа і прапанаваў Юліі атрымаць спецыяльную адукацыю. У Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце яна адвучылася на заатэхніка-селекцыянера. І перш чым узначаліць падольскі комплекс, адпрацавала тут па спецыяльнасці каля 10-ці гадоў.

– Усе праблемныя пытанні і слабыя месцы ведаю – над іх выпраўленнем працуем усім калектывам, а гэта агулам пад 40 чалавек, – патлумачыла Юлія Юковіч. – Як хлебаробы летам, так мы зімой, асабліва цяпер, маніторым прагноз надвор’я. Яго адсочвае і дырэктар Дзяніс Валер’евіч Кірпа, і яго намеснік Анд­рэй Іванавіч Скурат. Робім гэта ў першую чаргу для таго, каб быць гатовымі да форсмажорных сітуацый. Комплекс загадзя падрыхтавалі да зімы: уцяплілі ўсе памяшканні, асаблівую ўвагу звярталі на дзверы. Таму да непагадзі былі цалкам гатовы. І пер­шую мяцеліцу сустрэлі нармальна. Снегу на тэрыторыі, канешне, намяло ого-го, але кіраўніцтва саўгаса выдзеліла на комплекс «Амкадор», які на працягу дня чысціў тэрыторыю і пад’язную да яе дарогу. Яна павінна быць у нармальным стане, таму што адгружаем на перапрацоўку малако».

– Якасць малака залежыць ад многіх фактараў: ад тэхна­логіі даення, у тым ліку сцэджвання першага струменя, своечасовасці пераводу хворай рагулі ў «карантынную» групу. Калі нармальна адладжана работа і выконваецца ўся неабходная тэхналогія, тады і саматыка «не кульгае», – працягвае начальнік комплексу. – Маразы таксама ўплываюць на надоі, як і змена рацыёну. Нават калі карову пага­няць, яна атрымае стрэс – і надой зменшыцца. Таму, як лялечак, глядзім сваіх каровак. У такое марознае надвор’е самае галоўнае, каб не замерзлі паілкі, каб жывёла пастаянна была напоена. А для гэтага трэба ўцяпляць памяшканні, што мы і зрабілі.

Тры месяцы назад у саўгасе на кожны комплекс набылі самаходныя падсувальнікі кармоў. У «Падольцах» на ім працуе Віктар Памецька.

– Агрэгат невялікі, але прос­та незаменны. Вельмі зручны ў выкарыстанні і спрашчае працу. І рагулі лепш паядаюць сумесь. Раней яе на кармавыя сталы падсувалі ўручную, цяпер механізавана. Раблю гэта адзін у чатырох жывёлагадоўчых памяшканнях, – расказаў жывёлавод.

На выхадзе з кароўніка заўважыла двух жанчын, якія ўцяплялі ўваходныя дзверы. 

– Маразоў не баіцеся? – паці­кавілася ў цялятніц. 

– Калі рухаешся і працуеш, ні­які холад не адчуваецца! – у адзін голас запэўнілі Наталля Сі­да­рава і Валянціна Казлоўская.

Дзіцячы садок для цялят 

Па прызнанні гаспадыні падольскага комплексу, у такое марознае надвор’е асноўная ўвага цяпер скіравана на самых маленькіх жыхароў. 

– Самае галоўнае – гэта рацыён. З раёна да­дзена каманда дадаць па літры малака ў меню кожнага прафілакторнага цяляці, што мы і зрабілі, – заўважыла Юлія Юковіч. – Найважней для мяне, каб кожнае малое было здаровым, накормленым і дагледжаным». 

Незалежна ад пары года і надвор’я жывёлаводы прачынаюцца рана, праўда, у марозныя снежныя дні дадаецца больш клопатаў. Тым не менш, з усімі выклікамі, у тым ліку надвор’я, яны годна спраўляюцца і свое­часова дояць кароў, кормяць цялят і выконваюць іншыя надзённыя звыклыя абавязкі. Тым больш што ўмовы працы для жывёлаводаў, у пры ватнасці на МТК «Падольцы», за дастаткова невялікі адрэзак часу значна палепшалі, дзякуючы ўзвядзенню новага прафілакторыя ці, калі казаць простай мовай, дзіцячага садка для цялят.

Калі раней яны размяшчаліся ў індывідуальных дамках на вуліцы, а цялятніцы і ў дождж, і ў снег, і ў спёку працавалі літаральна пад адкрытым небам, то цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. У прафілакторыі ёсць бытавое па­мяшканне, якое ацяпляецца, з ха­ла­дзільнікам, мікра­хвалёўкай, электра­чай­нікам – тут пра­цаў­ніцы могуць у камфортных умовах адпа­чыць.

Да слова, у прафілакторыі ёсць малочная кухня з усім неабходным абсталяваннем: малочным таксі з прывадам, размарожвальнікам малозіва, устаноўкай для мыцця вядзерак і дэзінфекцыі сосак.

Пасля ацёлу каровы цялятка змяшчаюць пад спецыяльную лямпу сагравацца і высыхаць. Пазней яго пераводзяць непасрэдна ў прафілакторый. 

– Перавод у групу адбываецца плаўна і паступова, каб мінімізаваць стрэс для жывёліны, – расказала начальнік комплексу. – Дарэчы, усе секцыі абсталяваны аўтаномнымі паіл­камі з падагрэвам. 

Зазначу, што ў дзень майго візіту на комплекс слупок тэрмометра застыў на адзнацы мінус 13 градусаў. Нагод не верыць начальніку комплексу не было, тым не менш, вырашыла праверыць ваду ў паілцы – яна была хатняй тэмпературы. 

За цялятамі на комплексе замацавана 3 жывёлаводы. Трэці год на МТК «Падольцы» Людміла Базіс. У раённай жывёлагадоўлі яна далёка не новы чалавек: даўней была малаказборшчыкам, працавала на фермах і комплексах КСУП «Гервяты». 

 

– У 7 гадзін раніцы я ўжо на комплексе: збіраю соскі, раздаю муку і «валёнку», дапамагаю напарніцам паіць цялят. Потым падмятаю праход, перасцілаю ў клетках салому, – расказала жанчына пра сваю работу. – У такія марозныя дні малышам выпойваем большую колькасць малака. Самае галоўнае, каб цяляткі былі здаровенькімі і не хварэлі! 

 

 

Текст: Алёна Ганулич

Фото: Алёна Ганулич