Дружна, з прэміямі і песнямі ў саўгасе “Падольскі” справілі “Дажынкі”

Падвялі папярэднія вынікі ўборачнай кампаніі, адзначылі лепшых хлебаробаў – у РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” зладзілі “Дажынкі”.
На свята аграрыі запрасілі і старшыню Рытанскага сельскага Савета Рыгора Цэйку, а таксама пробашча парафіі Нараджэння Панны Марыі ў Кемелішках Аляксандра Сямінскага.
Гэты год парадаваў саўгасаўцаў добрым ураджаем: у бункернай вазе яны намалацілі больш за 7 800 тон збожжа і без некалькіх дзясяткаў 1,5 тысячы тон рапсу.
Павіншаваў з выдатным вынікам удзельнікаў уборачнай кампаніі дырэктар РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Дзяніс Кірпа і ўручыў ім грашовыя прэміі па выніках працоўнага спаборніцтва.
Да лідара гаспадаркі далучылася старшыня прафсаюзнага камітэта арганізацыі саўгаса Людміла Казлоўская. Работа “тысячнікаў” камбайнераў і зернесушыльшчыкаў-“двухтысячнікаў” была адзначана прэміямі. А таксама – першы ў раёне і ў гаспадарцы вадзіцель, які перавёз спачатку тысячу, потым 2 і 3 тысячы тон збожжа, Анатоль Якубцэвіч.
Завяршыліся “Дажынкі” святочнай вячэрай і выступленнем сталічнага калектыву Performance.
Фота з архіва саўгаса.