+375 (1591) 7 94 86

аг. Рытань вул. Першамайская, 1

 

 
Главная » Новости » 19. 08. 2024

Электраманцёр Яўген Крывіцкі: пра жніво і цікавыя выпадкі на ўборцы

Падчас уборачнай кампаніі яны мянялі звыклае месца работы на кабіну камбайна, каб не толькі зарабіць і дапамагчы вяскоўцам своечасова прыбраць з палёў саспелыя рапс і збажыну, але і атрымаць асалоду ад працэсу. Сваімі гісторыямі ўдзелу ў жніве падзяліліся работнікі розных галін, якія гэтым летам працавалі хлебаробамі. 

Электраманцёр Яўген Крывіцкі:

– Без уборкі не ўяўляю свайго жыцця. Відаць, гэта з дзяцінства. Я мясцовы, родам з Мужылоў, але жыву ў Рытані. Татка ў саўгасе шафёрам працаваў, дык падчас уборкі ў хаце не спатыкаўся – збожжа вазіў. Ды і мяне, малога, тады не злавіць было падчас жніва. (Усміхаецца.) Даўней былі не прэс-падборшчыкі, а капніцелі. Два трактары цягнулі валакушы – работа ў полі кіпела. З раскрытым ротам за ўсім назіраў. Відаць, мужыкі бачылі маю цягу да тэхнікі, таму давалі праехаць на трактары, хоць і нельга. Як цяпер памятаю: мне гадкоў 12, збоку сядзіць трактарыст – а я сам за рулём еду па полі. Шчаслівы – словамі не перадаць! З таго часу з тэхнікай не разлучаюся. 

Працаваў у саўгасе на розных машынах, неаднойчы атрымліваў і новыя трактары. Цесцю даваў выхадныя. 

Хоць і шчыміла нешта ўнутры, але не застаўся – пайшоў за большым рублём. У электрасетках і зарплата ёсць, і выхадныя. Але па-ранейшаму з саўгаса клічуць на ўборку. Ды і як не дапамагчы прыбраць ураджай – гэта ж родныя гаспадарка, зямля…

Сёлетняе жніво для мяне 9-е. Першы год быў памочнікам, а потым стаў за старшага. Як прыйшлі новыя камбайны «Палессе», а было гэта пяць гадоў назад, аб чым сведчыць налепка «75 год Вялікай Перамогі» на камбайне, папрасілі дапамагчы іншаму механізатару разабрацца, што і да чаго. 

На гэтым хлебаўборачным комп­лексе працую некалькі сезонаў. Нечакана рана сёлета ўборка пачалася, толькі з Дзімам Родзем (мой памочнік) камбайн падрыхтавалі – і рушылі ў поле.

Складана растлумачыць, што значыць для нас жніво. У гэты час механізатары ўнутрана мяняюцца – ведаю па сабе. (Усміхаецца.) Кожны хоча лідарам быць, і справа тут нават не ў грашах. 

З чым гэта можна параўнаць? Азарт, адрэналін, непераадольнае жаданне працаваць суткамі навылет. Усе імкнуцца як мага больш намалаціць. Не паспееш прачнуцца, а думкамі ўжо на рабоце. Цяпер нашы камбайны стаяць на іншых участках. А калі ўбіралі ў Рытані, то з сонцам быў на стане. «Падшаманіш» – і ў поле. Прыехаў, падчапіўся і чакаеш каманду агранома, калі можна пачынаць уборку, каб першым стартануць…

У нас кажуць: як падрыхтаваў тэхніку, так і працаваць бу­дзеш. Мы хоць і пазней пачалі абмалочваць, але і лідараў мясцовых дагналі, і добра набілі: без малога паўтары тысячы. Неяк розніца з Шэшам была ў 40 тон, я лідзіраваў, а на наступны дзень наш камбайн зламаўся, Дзіма з цесцем ізноў вырваліся наперад. Да канца змагаліся, хто будзе першы. 

Хоць з КСУП «Гудагай» нам складана цягацца ( і плошчы не тыя, і ўраджайнасць меншая), тым не менш адзін час і ў раёне мы былі на лідзіруючых пазіцыях сярод мала­дзёжных экіпажаў: 2-е месца займалі, праўда, потым «гудагайцы» адкінулі нас назад. Але не гэта галоўнае, а сама атмасфера, якая пануе на ўборцы. 

Нам, як крыху бітым на жніве калачам, маладзейшых падкінулі падвучыць. З сельгастэхнікі хлопец першы год на камбайне. Дамагаў яму, падказваў, што і да чаго, – я ж таксама некалі такім быў. І што вы думаеце, Дзяніс Фалькевіч выйшаў са мной на тысячу. Як і я, гарыць да тэхнікі. На стане падляціць раніцай, мой камбайн абгледзіць, і да свайго вяртаецца, каб падрэгуліраваць, як і ў мяне. 

Найбольш за дзень на жыце набіваў 105 тон. У майго «вучня» – сотня – на хвосціку сядзеў. (Усміхаецца.) Мала­дзец, хлопец, нічога не скажу: добра ішоў!

Наша звяно, дзе на трох камбайнах працавалі прыцягнутыя з іншых арганізацый работнікі, жартаўліва называў зборнай камандай саўгаса. Хоць лічыцца, што мы і не работнікі гэтай гаспадаркі, але яе нівы для нас свае, родныя. 
 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич