Травы выраслі на славу, ці Як праходзіць першы ўкос у саўгасе “Падольскі”

Звычайна менавіта на першы ўкос робяць стаўку ў нарыхтоўцы травяністых кармоў, у прыватнасці сенажу. Гэты сезон не выключэнне. Да радасці аграрыяў, усе перадспасылкі для правядзення паспяховай корманарыхтоўкі ёсць: травы, тэхніка і дакладная тэхналогія.
Напрыканцы мінулага тыдня карэспандэнт «раёнкі» паглядзеў, як і хто шчыруе на першым укосе ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». У дзень майго візіту корманарыхтоўшчыкі гаспадаркі набліжаліся да экватара ў скошванні траў: у пракосы яны ляглі на плошчы крыху больш за 1 000 га пры агульнай колькасці ў 2 386 га.
Два корманарыхтоўчыя комплексы айчыннай вытворчасці, адзін з якіх, лічы, з канвеера, і некалькі адзінак тэхнікі «злавіла» на сенажаці пад Рытанню.
Прызнацца, прыемна было паглядзець і на важкія валкі (не тое, што ў мінулым годзе!), і на работу айчынных машын, якія, па словах дасведчаных людзей, нічым не саступаюць тым жа «Ягуару» ці «Лексіёну».
Новы кормаўборачны комплекс КВК-РS80РRО даверылі вопытнаму і адказнаму механізатару Аляксандру Шостаку, які на практыцы неаднойчы пацвярджаў свой прафесіяналізм. Да прыкладу, сёлета па выніках прафсаюзнага спаборніцтва на вясенне-палявых работах мужчыну прызналі лепшым сейбітам цукровых буракоў.
– Як тэхніка новая, працаваць на ёй адно задавальненне, – зазначыў механізатар. – Нават не скажу, якая па ліку для мяне гэтая касавіца. Апошнія 15 гадоў убіраў травы на «Ягуары», але ён часта псаваўся, запчасткі для імпартных машын, асабліва ў апошнія гады, было праблематычна дастаць, ды і затратна. Вось сёлета атрымалі гэтага прыгажуна! – мужчына паказаў у бок бліскучага корманарыхтоўчага комплексу вытворчасці «Гомсельмаш».
На гэтым участку на камбайне КВК травы таксама падбіраў Генадзь Слепіка.
– На корманарыхтоўцы другі год. Перасеў на комплекс з РУМа, уносіў мінеральныя ўгнаенні, – расказаў пра сезонныя рабочыя клопаты мужчына. – Нарыхтоўваць кармы пачалі рана: выйшлі ў поле ў сярэдзіне мая. Па ўсім бачна, што і жніво сёлета будзе ранняе.
З поля да траншэй «зялёнку» ў саўгасе адвозяць 8 адзінак тэхнікі. Аказваецца, ад вадзіцеля патрэбна сапраўднае майстэрства ехаць на пару з комплексам: варта вытрымліваць тэмп і вызначаную паміж сельгасмашынамі адлегласць.
Сплаў вопыту і маладосці – так можна ахарактарызаваць тандэм у складзе Генадзя Масойця і Дарыўша Шадзянца, якіх заспела ў полі. Першы вадзіцель шмат гадоў у сельскай гаспадарцы, працаваў у трокеніцкім і варнянскім калгасах; другі – першы год у саўгасе.
– Дзень дню – розніца. Ад аддаленасці поля да фермы ці комплексу, дзе адбываецца закладка траншэй, залежыць колькасць рэйсаў, – патлумачыў Генадзь Масойць. – Бачыце, які навальнічны фронт набліжаецца? Улупіць дождж – і работы ў полі спыняцца.
Зазначу, што гэта не прыхамасць працаўнікоў – таго патрабуе тэхналогія.
– Ёсць рэгламент закладкі «зялёнкі» ў ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў. Калі ідзе дождж і моцна павышаецца вільготнасць, траншэі закрываем плёнкай, – патлумачыў намеснік дырэктара саўгаса, які назіраў за работай корманарыхтоўчага звяна. – Раней масу трамбавалі кругласутачна. Цяпер звычайна да 11 вечара: пасля заезду апошняй машыны на працягу трох гадзін. На ноч траншэю накрываем. Раніцай работа працягваецца. Адзначу, што ўсю «зялёнку» закладваем з кансервантамі за тры дні, як таго і патрабуюць правілы. Ужо запоўнены ёмістасці ля ферм у Стрыпунах і Кемелішках. Цяпер трамбуюць масу ў траншэі ля малочна-таварнага комплексу «Рытань».
Акрамя таго што саўгасаўцы актыўна праводзяць першы ўкос, адзін комплекс задзейнічалі для нарыхтоўкі «зялёнкі» для жывёлы.
– Пасвім тры гурты з комплексу і ферм «Рытань», «Падольцы», «Талюшаны». Пасля страўлівання пашу абкошвае невялікая касілка. Агрэгаты з дзевяціметровым захопам задзейнічаны на масавай нарыхтоўцы, – працягнуў Андрэй Скурат. – У выглядзе падкормкі люцэрна трапляе на кармавыя сталы дойных кароў, а канюшына з цімафееўкай – на фермы па дарошчванні і адкорме. Гэтым усім займаецца асобнае звяно. З 4 раніцы яны ўжо на полі, каб у 6 гадзін «зялёнка» была на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах.
…Пацікавілася ў намесніка дырэктара, ці будуць зімой з кармамі.
– Час пакажа, – з усмешкай адказаў суразмоўца. – Але ўсё магчымае мы для гэтага зрабілі. Летась травы падсеялі больш чым на 500 гектарах. У гэтым годзе своечасова і пад патрэбу ўнеслі на сенажаці і азотныя, і калійныя ўгнаенні… Вынік не прымусіў чакаць. Гляньце на валкі!
Сапраўды травы сёлета выраслі на славу, і не толькі ў саўгасе!