Ветэраны і работнікі сельскай гаспадаркі расказваюць пра работу і пра сябе
Валерый Пятровіч, РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», стаж работы ў АПК – 15 гадоў:
– Зіма на парозе – тэхніка ў гаражы: залатое правіла трактарыста. Корманарыхтоўчы камбайн КЗР-10, на якім працаваў усё лета, пачысціў – трэба ставіць на захаванне. Тэхніка клопат любіць: калі за ёй глядзець, то ў полі не падвядзе.
У саўгасе працую з перапынкамі: пэўны час быў у лясніцтве, а потым вярнуўся. Дзе яшчэ ў Падольцах такія грошы зараблю? Як толькі пачынаецца пашавы сезон, да позняй восені не вылажу з камбайна: здрабняю і падымаю траву, якую потым адвозяць на фермы і комплексы. Галоўнае ў маёй рабоце – не праспаць! (Усміхаецца.) А то каровы застануцца галоднымі.
Штодзень прачынаюся ў 3 гадзіны: трэба накарміць жывёлу на малочна-таварных комплексах «Падольцы», «Рытань», на фермах «Кямелішкі», «Стрыпуны» і іншых. Другі год у «зялёны сезон» працую, лічы, без выхадных, але прывык. Зімой адпачываю, калі ў саўгасе работы не так шмат.
Тэхніку люблю з дзяцінства. Нарадзіўся ў Слабодцы – той, што цяпер стала часткай горада, у звычайнай сям’і. Мама на кані па вёсках збірала малако, бацька шафёрам быў. У Свірскім сельскагаспадарчым вучылішчы атрымаў дзве спецыяльнасці – «вадзіцель» і «электрык». Але працаваць з токам і электрапрыборамі мне ніколі не падабалася. Адслужыў у арміі, вярнуўся на радзіму. У Падольцы прыехаў даглядаць дзядулю, які жыў адзін, так і застаўся.
Ад першага шлюбу ў мяне двое сыноў: Мікіта працуе зваршчыкам у саўгасе «Падольскі», Арцём яшчэ вучыцца. І з другой жонкай Аленай гадуем дваіх дзетак.